Раздзел 6. Фанетыка і фаналогія
Тэма 6.1. Фанетыка як раздзел мовазнаўства

Пытанні для самакантролю

  1. Адзначце, якія аспекты гукавога ладу мовы вывучае фанетыка, а якія – фаналогія. Пакажыце сувязь фанетыкі з іншымі лінгвістычнымі дысцыплінамі.
  2. Дайце агульную характарыстыку сегментных фанетычных адзінак (фанетычнай фразы, маўленчага такта, фанетычнага слова, склада, гука). На прыкладзе прыведзенага выслоўя Г. Марчука параўнайце іх з суперсегментнымі фанетычнымі адзінкамі (націскам, інтанацыяй, паўзай).

Калі шчасця трэба дабівацца – гэта ўжо не шчасце. Шчасце прыходзіць натуральна і непрыкметна, часцяком нечакана, але заўсёды заслужана за турботы шчырыя і справы духоўныя.

  1. Ахарактарызуйце складаную прыроду гука. Пакажыце ўзаемасувязь артыкуляцыйнага, акустычнага і функцыянальнага аспектаў вывучэння гука.
  2. Акрэсліце паняцце “гукавы лад мовы”.
  3. Пакажыце асаблівасці гукавога ладу беларускай мовы ў параўнанні з рускай.
  4. Ахарактарызуйце склад з артыкуляцыйнага і акустычнага пункту погляду. Пакажыце суадносіны наміж складам і марфемай.
  5. Адзначце, з якіх кампанентаў складаецца інтанацыя фразы.
  6. Праілюструйце на прыкладах функцыі слоўнага, тактавага, фразавага і лагічнага націску.

 

Практыкаванні

Практыкаванне  1. У прыведзеных ніжэй парах слоў выдзеліце гукі, якімі адрозніваюцца рускія і беларускія словы. Ахарактарызуйце артыкуляцыйныя ўласцівасці гэтых гукаў.

Дробь – дроб, гудеть – гудзець, Полесье – Палессе, черновой – чарнавы, решить – рашыць, съехать – з’ехаць, проезжать – праязджаць, гляжу – гляджу, травка – траўка, борода – барада, лесники – леснікі, щедрый – шчодры, чёрный – чорны, молчать – маўчаць.

 

Практыкаванне 2. Запішыце згодна з арфаграфічнымі правіламі наступны тэкст. Выпішыце з тэксту словы, у склад якіх уваходзяць зацвярдзелыя зычныя.

[в’э́л’ічнай б’элакры́лай ча́йкай луна́́jэ над^рачны́м’і хва́л’ам’і / купа́jэца ў^jіх / γл’аz’íца / jак у^л’устэ́рка / по́лацк’і саф’íйск’і сабо́р // здаjэ́ца / знаро́к вы́пырхнуў на^паγо́рак / кап^сваjíм с’в’аты́м бласлав’э́н’эм атул’а́ц’ б’элару́скуjу з’амл’у́ / каб^адус’у́л’ ба́чыца в’э́чным с’íмвалам му́драс’ц’і  й^шчы́рас’ц’і на́шых про́ткаў //]

(А. Бутэвіч)

 

Практыкаванне 3. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Інтанацыя ў люстэрку пісьма”. Рыхтуючы выступленне, звярніцеся да кнігі Л. Ц. Выгоннай “Ад гука да літары” (Мінск, 1991, с. 54–74).

 

Практыкаванне 4. Услухайцеся ў гучанне радкоў верша                                 М. Рудкоўскага. Якія гукі найчасцей сустракаюцца ў гэтым творы? Апішыце іх артыкуляцыю. Якія слыхавыя і зрокавыя асацыяцыі выклікаюць у вас прыведзеныя радкі?

 

Я адчыняю ў ноч сваё акно.

Такі спакой, такая ў свеце ціша,

Што, можа, нат за вёрстаў сем чутно,

Як павучок калысачку калыша.

 

Палі, лясы, азёры спяць даўно,

І сёлы спяць, турботы не забыўшы.

Мне страшна быць у гэтай ночы лішнім –

З Прыродай я зліваюся ў адно.

 

Сябрамі мне становяцца сягоння

Калоссі ў полі, у дуброве клёны;

Што к брату, да мяне ідзе алень.

 

І ва ўсім існым ёсць маё дыханне,

І пульс чуваць, мой пульс і хваляванне –

У травах, дрэвах, месячным святле. 

 

Практыкаванне 5. Перакажыце прыведзены тэкст. Вызначце яго тэму, асноўную думку. Дайце тэксту загаловак. Запішыце пяць-сем назваў звяроў і птушак, утвораных шляхам гукапераймання.

Гукаперайманні – вельмі старажытная частка слоўніка кожнай мовы. Таму цікава ведаць, што нават у блізкароднасных мовах адны і тыя ж з’явы прыроды, адны і тыя ж гукі выклікаюць розныя асацыяцыі. Напрыклад, бел. кнігаўка – птушка сямейства сяўцоў, якая жыве на балотах, сырых лугах, згодна з народным тлумачэннем крычыць: “кні-гі”. Чэхі, у якіх яна завецца kniha, чуюць у яе крыку “кні-кні”. Такая ж птушка ў рускай мове (чибис) быццам бы пытаецца: “Чьи? Чьи вы?”. Яшчэ адзін прыклад. Беларускае слова ка́ня зараз абазначае драпежную птушку сямейства ястрабіных і кнігаўку. Больш старажытнае значэнне гэтага слова – першае, бо канюк, канюка, канюх – таксама каршун, і ў старажытных славян, у праславянскі час, словы *kana, *kanukъ абазначалі драпежную птушку. Назва мае гукапераймальнае паходжанне, бо птушка “вымаўляе” своеасаблівы манатонны піск; дакучлівы крык яе нагадвае слова “піць” (адсюль, дарэчы, і дзеяслоў канькаць – выпрошваць са слязьмі, дакучліва прасіць, паўтараць адно і тое ж). Піск кані і кнігаўкі вельмі падобны, таму каняй называюць яшчэ і кнігаўку. Я. Купала пісаў:

 

Прытаіцца да моху русалка, лясун,

Каня вечнага “піць” не заводзіць.

 

Гукаперайманне адлюстравалася і ў вельмі старажытнай назве птушкі “бугай”. Начная балотная птушка сямейства чапляў была празвана так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У  Я. Коласа чытаем: “…У балотах між лесу пераклікаліся бугаі, бухаючы, як  у пустыя кадушкі”.

(Л. Ц. Выгонная)

 

Практыкаванне 6. Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Акрэсліце яго галоўную думку. Дайце яму загаловак.

Фоносемантика – одно из интереснейших направлений лингвистики. Оно находиться на стыке сразу нескольких наук. Это семантика, фонетика и лексика, объединённые в единое целое. Фоносемантический анализ даёт понять как звуки могут иметь смысл сами по себе. Ведь мы оцениваем слово, смысл которого мы ещё не знаем. В том числе и имена. А как происходит эта оценка, нам и даёт ответ фоносемантика. Профессор А. П. Журавлёв провёл исследование, в котором выяснил подсознательные значения каждого звука нашей речи. Так, у каждого звука появилась качественная характеристика, а именно, каким он является по следующим  шкалам: хороший плохой, красивый отталкивающий, радостный печальный, светлый темный, легкий тяжелый, безопасный страшный, добрый злой, простой сложный, гладкий – шероховатый и др. Для каждого имени был выполнен фоносемантический анализ.  Например, имя Роза было охарактеризовано как маленькое, женственное, нежное, слабое, тихое, короткое и шероховатое; имя Светлана как хорошее, большое, величественное, женственное, нежное, лёгкое; Софья как маленькое, женственное, нежное, слабое, пассивное, тусклое, печальное, тихое, шероховатое и короткое; имя Тамара как большое, величественное, мужественное, храброе, простое, сильное.

(И. И. Постникова, И. М. Подгаецкая)

 

Практыкаванне 7. Перакажыце тэкст па-беларуску. Акрэсліце яго асноўную думку. Дайце тэксту загаловак.

Звуковая инструментовка может создавать настроение, объединять слова, связанные по мысли и чувству. И вот тут возникает вопрос об оценке звука, о том общем впечатлении, которое он производит на слушателя. Вопрос этот сложный и спорный. Лингвистом                                       А. П. Журавлёвым был проведён эксперимент. Детям показали две куклы-матрёшки: большую и маленькую – и сказали, что это две сестрички, одну из которых зовут А, другую И. Нужно было догадаться, какую сестричку зовут И.

Большинство детей показало на маленькую матрёшку. Почему вы удивились? Ведь ещё М. В. Ломоносов в “Кратком руководстве к красноречию” писал об этом: “В российском языке, как кажется, частое повторение письмени А способствовать может к изображению великолепия, великого пространства, глубины и вышины, учащение письмен Е, И, Ю – к изображению нежности, ласкательства или малых вещей”.

Подобные впечатления, производимые звуками, называются фонетической значимостью. Она не обозначает ни понятия, ни предмета, её характеристика – это набор признаков: хороший, приятный, радостный, сильный, могучий, быстрый, подвижный, тёмный, страшный, маленький, лёгкий и т.д. Путём анкетирования учёными было выявлено коллективное впечатление от каждого звука. Так, звук [а] производит впечатление чего-то хорошего, большого, светлого, гладкого, активного, яркого и т.д. А вот звук [ф] был охарактеризован как плохой, тёмный, пассивный, слабый, тусклый, трусливый, грустный и т.п.

Такая фонетическая значимость всех звуков была заложена в память машины, которой было предложено прочитать художественный текст и оценить общее звуковое впечатление от него. Результаты получились интересные. Например, “прочитав” стихотворение А. С. Пушкина “Зимний вечер”, машина ответила: “В стихотворении говорится о чём-то тёмном, страшном, сильном, угрюмом, быстром”. Это очень похоже на характеристику бури, данную в стихотворении.

Получается, что звуковая сторона речи поддерживает тональность, подчёркивающую содержание этого стихотворения.

(И. И. Постникова, И. М. Подгаецкая)

Практыкаванне 8. Падзяліце прыведзеныя словы на склады ў адпаведнасці з законам узыходнай гучнасці, абазначыўшы лічбай 1 гучнасць шумных зычных, 2 – санорных, 3 – галосных гукаў. Ахарактарызуйце склады. Адзначце магчымыя варыянты складападзелу.

Салодкі, падушка, адчуваць, інстытут, першы, закройшчык, сонца, з’яўленне, экземпляр, сям’я, адзначыўшы, чацвер, флагман, паэтычны, жураўліны, вайсковец, развіццё, адрэжце, гісторыя, развязка, прадпрымальніцтва, кантроль, свіснуць, зорны, аўдыторыя, буквар, азбука, будоўля, вяселле, б’юцца, адцягнены, жорны, смешны, помста, узняцца, зашпіліцца, аддзячыць, упарты, заснаваць.

 

Практыкаванне 9. Падзяліце на склады фанетычныя словы, якія складаюцца са спалучэнняў самастойных часцінаў мовы са службовымі.

Пад дубам, ад мяне, з Андрэем, пад яблыняй, ён жа, пад дахам, быццам бы, з-пад страхі, напісаў жа, з жыцця, ад героя, з-за сцяны, праз цябе, без веры, цераз церні, з Ірынай, без шубы, па-над белым пухам, пад шафай, той жа.

 

Практыкаванне 10. Падзяліце словы на склады, на марфемы і для пераносу.

Шчаслівы, дажджлівы, адмежаваць, раз’езд, сэрца, святочны, натуральны, вяселле, Дажбог, заворванне, зáпускі, засéўкі, земляробства, кафля, кравецтва.

Практыкаванне 11. Кожны з прыведзеных пытальных сказаў прачытайце па некалькі разоў з павышэннем голасу на розных членах сказа. Адзначце, як змяняецца пры гэтым сэнс пытання.

Алеся наведала навагодняе прадстаўленне? Сабака выбег з хаты? Анатоль прапусціў заняткі па англійскай мове? Сын прыехаў па просьбе маці?

 

Практыкаванне 12. Прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы, верш М. Танка “У магазіне кветак”. Адзначце, на якіх словах павышаецца або паніжаецца тон.

Мне патрэбен букет

Для прапаўшай імянінніцы,

Якой сягоння – дваццаць год.

А чаму – прапаўшай?

Выехала з нашага горада,

Грукнуўшы дзвярыма майго сэрца.

Забараніўшы нават правесці,

Званіць па тэлефоне, пісаць.

А мо яе і не было?

Усё роўна зрабіце букет.

Вазьміце адну чырвоную ружу,

Сцяблінку яе голасу,

Пару пажоўклых лістоў цішыні

І цень яе – цень тубярозы…

Усё, калі ласка, перавяжыце

Стужкаю Млечнага Шляху

І падлічыце,

Колькі з дастаўкай на месца

                                     Усё гэта каштуе.

 

Практыкаванне 13. Выразна прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы, верш Васіля Барысюка. Ахарактарызуйце інтанацыю ў пабуджальных сказах. Назавіце словы, на якіх робіцца павышэнне тону.

Ты прыйдзі да мяне. Адагрэй:

Я замёрз, захварэў адзінотай.

Уратуй цеплыню вачэй

І сваёй даланёю пяшчотнай.

 

Пры табе хай мінае зіма,

Бо я сам у завеях загіну…

Бледнатварае сонца – падман,

І сыходзіць крывёй арабіна…

Ты прыйдзі да мяне. Раскажы

Пра вясновую буйную квецень.

Пра лагоднасць у майскім дажджы

І духмяны рамонкавы вецер.

 

Я чакаю. Прыйдзі. Супакой.

Хай віжуе за вокнамі студзень.

Ты сагрэеш астылы пакой –

І зіму мы надоўга забудзем.

 

 

Практыкаванне 14. Перакладзіце прыведзены  тэкст на беларускую мову. Прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы. Знайдзіце ў тэксце экспрэсіўна выдзеленыя словы, вызначце эмацыйнае значэнне выдзяленняў.

Она узнала с первых аккордов это исключительное, единственное по глубине произведение. И душа её как будто бы раздвоилась. Она думала о том, что мимо неё прошла большая любовь, которая повторяется один раз в тысячу лет. Вспомнила слова генерала Аносова и спросила себя, почему этот человек заставил её слушать именно это бетховенское произведение, и ещё против её желания? В уме её слагались слова. Они так совпадали в её мысли с музыкой, что это были как будто бы куплеты, которые кончались словами: “Да святится имя Твое”.

“Вот сейчас я вам покажу в нежных звуках жизнь, которая покорно и радостно обрекла себя на мучения, страдания и смерть. Ни жалобы, ни упрёка, ни боли самолюбия я не знал. Я перед тобою – одна молитва: “Да святится имя Твое”.

Да, я предвижу страдания, кровь и смерть. И думаю, что трудно расстаться телу с душою, но, Прекрасная, хвала тебе, страстная хвала и тихая любовь. “Да святится имя Твое”.

Вспоминаю каждый твой шаг, улыбку, взгляд, звук твоей походки. Сладкой грустью, тихой, прекрасной грустью обвеяны мои последние воспоминания. Но я не причиню тебе горя. Я ухожу один, молча, так угодно было Богу и судьбе. “Да святится имя Твое”.

(По А. Куприну).

Практыкаванне 15.  Спішыце прыведзены тэкст. Абазначце націскі. Падкрэсліце фанетычныя словы. Назавіце энклітыкі і  праклітыкі. Ахарактарызуйце фанетычныя працэсы ў выдзеленых словах.

У беларусаў вельмі абвостраная павага да памерлых продкаў. Жывыя з вялікай пашанаю адносяцца да мёртвых, некалькі разоў на годзе памінаюць добрым словам нябожчыкаў. Кажуць: “Калі мы не ўспомнім сваіх прашчураў, то хто ж тады ўспомніць нас?”.

Нашы дзяды святкуюцца заўсёды ў суботу – у суботу перад Масленкай, у суботу перад Сёмухай, у суботу перад Пятром. Самыя галоўныя ў нас восеньскія дзяды, ці як іх яшчэ называюць – Асяніны. Яны былі самыя багатыя: “На дзяды шмат яды” – на стол ставілася  ад сямі да дзевятнаццаці розных страў з нашай традыцыйнай беларускай кухні: куцця, бліны,  адваранае мяса, бульба з каўбасой. Мужчыны палілі ў лазні, жанчыны мылі ў хаце, мянялі чыстыя набожнікі на абразах, фіранкі на вокнах. Пасля лазні ўсе садзіліся за стол, запрашалі продкаў вячэраць.

(Я. Сіпакоў).

Практыкаванне 16. Падрыхтуйце выступленне на пасяджэнні школьнага лінгвістычнага гуртка на тэму “Асноўны сігнал самастойнага слова” аб паходжанні і асаблівасцях беларускага слоўнага націску.  Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да прац Л. Ц. Выгоннай “Ад гука да літары” (Мінск, 1991, с. 42-53), “Фанетыка беларускай мовы ў школе” (Мінск, 1995, с. 170-185) і Ф. М. Янкоўскага “Гістарычная граматыка беларускай мовы” (Мінск, 1989, с. 67).

 

Практыкаванне 17. Спішыце прыведзеныя словы, абазначаючы націскі. Праверце па слоўніку, ці правільна вы вымаўляеце гэтыя словы.

Аб’інелы, абшарпаны, адваяваны, аблягчыць, абутнік, агрэст, агент, арахіс, аналаг, аркуш, аштрафаваны, выпадак, гарбар, даследаванне, дасыта, друкаваны, дэцыметр, жыццяпіс, закрутка, замалада, занятасць, запамятаць, знахар, іканапіс, каштарыс, кашляць, жальба, кухар, Скарына, прывід, першынец, непрыяцель (нядобразычлівец), прудзіць, прэзент, супавы, трапеза, уваскрэсенне, уразлівы, упрысядкі, цагляны, цяжар, ціхенечка, шчасціць, шчыпцы, эмаліраваны, ялавічына, ярына.

 

Практыкаванне 18. Прачытайце прыведзены тэкст, захоўваючы арфаэпічныя нормы. Пакажыце на прыкладах слоў з гэтага тэксту, што беларускі націск свабодны, рознамясцовы.

Паходжанне фразеалагізма ‘нарадзіцца ў сарочцы (кашулі)’ са значэннем ‘быць шчаслівым, удачлівым, быць шчасліўчыкам’ звязана з шырока распаўсюджаным павер’ем пра тое, што відавочным знакам шчаслівага лёсу  з’яўляецца так званая  “дзіцячая сарочка” – каляплодны пузыр (плеўка) на галаве, з якім нараджаецца дзіця. Беларусы гаварылі, што шчасце і дабрабыт  спадарожнічаюць такому чалавеку ўсё жыццё. Гэтая ўдача і шанцаванне распаўсюджваліся і на ўсю яго сям’ю. Такую сарочку бабка-павітуха здымала з дзіцяці, і яе захоўвалі ў сям’і як талісман. Я. Карскі лічыў, што фразеалагізм узыходзіць да веравання ў магічную сілу каляплоднага пузыра, які адлюстроўвае фальклорны матыў цудоўнага нараджэння дзіцяці (вяртання памерлага продка) і ўзыходзіць да архаічных уяўленняў пра апатрапеічныя функцыі памерлых продкаў.

(Паводле Л.Ф. Станкевіч)

 

Практыкаванне 19. Перакладзіце прыведзеныя словаформы, словазлучэнні, фразеалагізмы на беларускую мову. Расстаўце націскі, адзначце клітыкі. Якія рысы націску ў рускай мове не характэрныя для беларускай мовы?

Смотреть под ноги, взять за ухо, сказать на ухо, взять за руку, говорить под руку, положа руку на сердце, влюбиться по уши, заложить руку за спину, по лесу, на люди, без году неделя, без вести пропасть, за душу хватать, на зиму, под гору, за город, не на что, слово за слово, за волосы, за сердце берёт, по небу, на небо, как снег на голову, рука об руку, по двору ходить.

 

Практыкаванне 20. Прачытайце прыведзеныя словы і вызначце функцыю націску: размежаванне розных па значэнні слоў або розных граматычных формаў.  

Ра́́іцца – раíцца, я́му – яму́́, стру́ны – струны́́, ка́́ра – кара́, на́шу – нашу́, рассы́́паць – рассыпа́́ць, ва́зы – вазы́, су́шы – сушы́, лю́бы – любы́, ка́паць – капа́́ць, каралí – кара́лі, вы́́разаць – выраза́ць, вя́́ла – вяла́,  ба́цькі – бацькí, лíсы – лісы́, пя́ты – пяты́, слу́жыць – служы́ць, ку́піце – купíце.

 

Практыкаванне 21. Утварыце ад прыведзеных назоўнікаў формы множнага ліку. Расстаўце націскі.

Курган, дырэктар, звон, імя, цяля, гараджанін,  медзведзяня, ліст, жыта, прамень, камень, колас, крыло, звяно, бервяно, селянін, апенька, зуб, волас.

 

Практыкаванне 22. Утварыце ад прыведзеных прыметнікаў простыя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання. Запішыце гэтыя формы ў транскрыпцыі. Расстаўце націскі.

Высокі, тонкі, салодкі, горкі, дужы, слабы, смелы, мяккі, нізкі, гарачы, дарагі, шырокі, вузкі, далёкі, блізкі.

 

Практыкаванне 23. Перакладзіце дзеепрыметнікі на беларускую мову.  Абазначце націскі ў словах. Параўнайце суфіксы рускіх і беларускіх дзеепрыметнікаў.

Прозванный, очарованный, истолкованный, взорванный, отнятый, зашифрованный, заштрихованный, испечённый, приговорённый, обнятый, опустошённый, заселённый, оснащённый, поднятый, закопанный, пролитый, окружённый, отгаданный, отломанный, обстрелянный, написанный, заселённый, решённый, розданный, наводнённый, расцелованный, забинтованный, разгорячённый, приведённый.

 

Практыкаванне 24. Ад прыведзеных дзеясловаў утварыце дзеепрыслоўі незакончанага трывання. Выдзеліце ўтваральную аснову і формаўтваральны суфікс. Абазначце націскі.

Спаць, тэлефанаваць, шукаць, вячэраць, ляжаць, стаяць, глядзець, лічыць, таіць, ісці, смяяцца, усміхацца, весці, вадзіць, даваць, тушыць, жаць, мыць, сохнуць,  вянуць, мокнуць, малоць, касіць.

 

Практыкаванне 25. Перакладзіце прыслоўі на беларускую мову.  Абазначце націскі ў словах. Параўнайце суфіксы і прыстаўкі вытворных прыслоўяў. Пры неабходнасці карыстайцеся тлумачальным і арфаграфічным слоўнікамі.

По-старому, по-людски, посреди, после, поровну, вдвое, издавна, посуху,  потом, смешно, впереди, вчера, подавно, никуда, наспех, набок, задолго, дочиста, доверху, издали, изредка, донизу, досуха, наискось, намертво, попросту, слегка, снова, сроду.

 

Практыкаванне 26. Прачытайце прыведзены тэкст, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы. Выпішыце словы з нерухомым націскам. Знайдзіце словы, якія маюць  пабочны націск. З дапамогай ЭСБМ высветліце паходжанне выдзеленага слова.

Ідэя стварэння сямейнай пары – першаасновы шлюбу – мае выразны касмаганічны сэнс супрацьпастаўлення, але адначасова ўзаемадапаўняльныя часткі складаюць якасна новае адзінае цэлае (мужчынскае і жаночае як два значэнні катэгорыі полу, дзень і ноч, неба і зямля як значэнні часава-прасторавай структуры космасу), што і гарантуе касмічны (сацыяльны, культурны) парадак. Адсюль рытуальны аспект узяцця шлюбу (вяселля) быў максімальна разгорнуты, сімвалічна насычаны. Яшчэ задоўга да таго, як чалавек дасягаў шлюбнага ўзросту, ягоныя бацькі ўжо “счытвалі” цэлую сістэму сімвалічных паказанняў / супрацьпаказанняў у дачыненні да будучага шлюбу. Так, благім знакам лічылася, калі дзіця нараджалася на маладзік ці на зменах квадраў Месяца. Казалі, што такі чалавек будзе бяздзетным, і пазней яму не раілі браць шлюб. На халасцяцтва былі асуджаны і тыя, хто нарадзіўся з няпарнай колькасцю рэбраў. Найбольшую актуальнасць магічная дыягностыка і праграмаванне набывалі ў асяродку моладзі ў выглядзе вялікага комплексу варожбаў аб часе, месцы і характары магчымага шлюбу, а таксама з дапамогай прыёмаў у так званай любоўнай магіі, асноўнай мэтай якой з’яўляецца злучэнне / разлучэнне закаханых пар.

(У. Лобач)

Практыкаванне 27.  Прачытайце тэкст, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы. Выпішыце словы з рухомым націскам. Пакажыце магчымыя формы гэтых слоў, у якіх націск рухомы. З дапамогай ТСБМ растлумачце лексічнае значэнне выдзеленых слоў.

Радавод – паходжанне ад агульнага продка, сістэма крэўных сувязяў, заснаваных на сваяцтве. У фальклорнай традыцыі былі пашыраны легенды і паданні пра паходжанне знакамітых асоб, князёў, родаў, сацыяльных груп і цэлых народаў. На аснове радаводных звестак вяліся спецыяльныя кнігі, гербоўнікі, складаліся табліцы, што ўзнаўлялі радаводнае дрэва і сістэму генетычных, міжпакаленных сувязей. З асобай увагай народ ушаноўваў сваіх продкаў, што яскрава адлюстравалася ў шматлікіх абрадах і святах: Радаўніцы, Дзядах, каляднай куцці, угодках. Радаводнае дрэва ўяўляла сабой разгалінаваную сістэму сваяцкіх узаемадачыненняў, дзе цэнтральнае месца займалі бацькі і іх прамыя нашчадкі – дзеці і ўнукі. У адносінах адзін да аднаго ці да іншых блізкіх людзей яны ўтвараюць розныя ступені ці віды сваяцтва. Сваяцтва – адзін з традыцыйных інстытутаў, што адыгрываў і адыгрывае істотную ролю ў прыватным і грамадскім жыцці, асабістай адказнасці і ўзаемадапамозе, перадачы духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, замацаванні сацыяльнага статуса, стабільнасці і кансалідацыі грамадства.

(В. Цітоў)

 

Практыкаванне 28.  Перакладзіце словы і словазлучэнні на беларускую мову.  Абазначце націскі ў рускіх і беларускіх словах.

Крапива, арест, ремень, доска, конопля, верба, зерно, коршун, осока, коклюш, кремень, бобр, дочка, мизинец, веселость, болевой, валенок, довести, горче, мышление, женщина, забранный, закованный, заострённый, запыленный, застланный, затрястись, инсценировать, кедровый, лакированный, ласковый, ломаный, малый, молодость, малозаселённый, заскочить, ножницы, ноздря, обруч, обстрелянный, оглядеть, одолеть, паралич, разгаданный, размежеванный, разочарованный, ранее, скованность, холодность, погладить бороду, на чужую сторону, протянуть руку, наклонив голову, ударил ногу, седые усы, подал, принял, обнял, гнала, сушёный, нанятый, стену, воду, ногу, колья, братья, восьмой, малый, старый, тяжёлый, творог, иначе, броня, ирис, потёмки.

 

Практыкаванне 29.  Спішыце тэкст, падзяляючы яго на такты і фразы. Словы, якія знаходзяцца пад тактавым націскам, падкрэсліце адной лініяй, а пад фразавым – дзвюма. Акрэсліце функцыі гэтых відаў націску ў гукавой арганізацыі мовы.

Маўленне дзіцяці пачынаецца са склада. Першыя словы ўтвараюцца шляхам падваення аднаго і таго ж склада. Прыгадаем, як называюць малыя блізкіх, бацькоў, першыя рэчы, з якімі яны маюць справу: ма-ма, та-та, ба-ба, ля-ля, ва-ва.

Вельмі шырока ў мовах распаўсюджана слова мама (‘маці’). Яго ведаюць усе славяне, літоўцы, ірландцы, персы і грэкі. Праўда, гэта першае слова дзіцяці магло набываць у мовах і іншае значэнне: у старажытнасці немцы называлі так цётку (ст.-в.-ням. muoma), а індыйцы – дзядзьку (ст.-інд. mama).

Беларускія словы ляля, лялька, лялечка таксама старажытныя. Зараз слова ляля абазначае і дзіцячую цацку ў выглядзе чалавека, і малое дзіця, і немаўля. Гэта слова ўзнікла ў дзіцячай мове для наймення дзіцяці, маленькага чалавека. Потым яно набыло іншыя значэнні: у славацкай мове, напрыклад, l’al’o – дурань, балван, у сербскай лало, лалко – старэйшы брат (для малодшага).

Аўтар польскага этымалагічнага слоўніка Слаўскі лічыць, што пазней ляля ‘дзіця’ стала абазначаць зрэнку, бо ў воку адбіваецца маленькі вобраз чалавека. Значэнне ж ‘лялька’ больш новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Польскі лінгвіст Панятоўскі гаворыць аб тым, што чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў ХІХ ст. у Польшчы і заходняй Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць.

(Л. Выгонная)

Практыкаванне  30. Падрыхтуйце выразнае чытанне верша Цёткі “Тры кветкі”. Вызначце месца паўз, адзначце словы, якія выдзяляюцца лагічным націскам,  ахарактарызуйце рухі тону ў межах такта.

 

Калісь, як выходзіў я з хаты айца,

Тры кветкі ў дарогу узяў для жыцця;

Ад маткі і брата дзве кветкі дастаў,

А трэцю найлепшы мне друг дараваў.

 

І покі не звянуць тры кветкі мае,

Значыць, што тужаць усе тры па мяне.

Хутка прабеглі дні шчасця, пацех, –

На слёзы і гора змяніўся мой смех.

 

Я глянуў на кветкі: аж братня завяла,

Шчырага друга пад плесняй ляжала;

Адна толькі кветка як сонца цвіла:

Бо крэпка любіла матуля адна.